МО́ТАЛЬСКІЯ КАЖУХІ́,

бел традыцыйнае зімовае нар. адзенне з в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пашыраны з даўніх часоў. Шылі з белых нядубленых аўчын. М.к. былі доўгія, шчыльныя да стану з адкладным каўняром. Кроілі іх з бакавымі клінамі («вусамі»), зашпільвалі на гаплікі, багата аздаблялі рознакаляровай вышыўкай «козлікам», гладдзю, нашыўкамі пярэстага шнура, раменьчыкаў, тканіны (найчасцей блакітнае, чырвонае, зялёнае сукно), пампонамі. З 1930-х г. М.к. шылі з дубленых аўчын, якім надавалі чырвона-цагляны ці вохрысты колер. Яны сталі кароткія, прамога ці паўпрыталенага сілуэта, найчасцей са стаячым каўняром і футравай аблямоўкай уздоўж верхняга крыса, па нізе і разрэзах кішэняў. Аздаблялі каляровымі раменьчыкамі, працягнутымі праз вузкія надрэзы ўздоўж швоў, а таксама вышыўкай на кішэнях, нізе рукавоў, верхняй прыкаўнернай частцы спінкі. Паступова выходзяць з ужытку.

М.Ф.Раманюк.

Жанчына ў мотальскім кажуху.

т. 10, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)